Трэцяя нядзеля сакавіка - Акулич Дмитрий - Страница 1
- 1/2
- Следующая
Дмитрий Акулич
Трэцяя нядзеля сакавіка
Вясна ў вёсцы. Трэцяя нядзеля сакавіка.
Сёння добрае надвор'е, каб выйсці з дому на вуліцу. У маленькай вёсцы яшчэ пахла ранішняй прахалодай, лёгкае вільготнае паветра паступова змешвалася з надыходзячым дзённым цяплом. Няўступлівая мяккая раніца нетаропка сыходзіла, а бадзёрае сонца ўсё вышэй падымалася, шчодра кідаючы свае прамяні – насоўваўся поўдзень. У небе па блакітным палатне павольна цягнуліся белыя хвалістыя кляксы. Вёска Пратасы ўжо даўно абудзілася, ажыла гукамі, набыла жыццё. Час ад часу, можна было пачуць, як галасіста саліравалі пеўні з розных двароў. Іх спаборніцтва ў гучнасці і сіле, перакідвалася з боку ў бок. Брахалі за платамі сабакі. Гулі праязджаючыя машыны: лесавозы, трактары, легкавыя аўтамабілі. Людскі голас жанчын і мужчын разносіў вецер. На дрэвах, на іх тонкіх вяршынях, меладычна свісталі шпакі. Чорныя малыя плямы, як сімвал вясны, старанна спявалі на ўсё наваколле. Шчабяталі і вераб'і, што купкамі разляталіся, затым збіралі ў дварах, дзе было чым падсілкавацца. А вось буслы пакуль яшчэ не прыляцелі: не кружылі чорна-белыя птушкі над вёскай, не дзяўблі чырвонымі доўгімі дзюбамі на вадзяных месцах.
З белага цаглянага аднапавярховага доміка выйшаў Максім Фёдаравіч, невысокі мужчына пяцідзесяці васьмі гадоў. На яго целе была цёмна-сіняя тонкая куртка, цёмныя нагавіцы хакі і чорныя ўцепленыя галёшы. Цёплая чорна-шэрая шапка хавала вушы, схавала кароткія сівыя валасы. Максім Фёдаравіч адышоў ад ганка і ступіў на цэментавую дарожку, што была выкладзеная тоўстай пліткай. Ён сам вырабіў гэтыя роўныя шэрыя квадраты з кветкавым узорам. Год таму, мужчына разам з сынам акуратна паклаў іх, сабраў з пліткі дарожку, што легла на старую сцежку і цяпер вяла ад ганка да двара, да дамашняй гаспадаркі. Не паспеў Максім зрабіць і кроку ў бок, як яго здалёк спыніў знаёмы, гучны, пранізлівы мужчынскі голас. Недалёка ад Максімінага дома знаходзілася крама, а каля яе, каля доўгага будынка, галасіў дзед Лёня, які вельмі любіў пагаварыць і прыцягнуць да сябе ўвагу. Ён кідаў словы на тых, хто ішоў па прадукты, хто выходзіў з крамы з пакупкамі. Хтосьці з жыхароў вёскі моўчкі праходзіў міма гэтага пажылога гаварлівага чалавека ў сіняй куртцы, а хтосьці спыняўся і коратка казаў яму нешта ў адказ. Хто толькі павітаецца, а пасля ўсміхаўся і сыходзіў з яго вачэй. Хтосьці з добрымі словамі заводзіў з ім доўгі дыялог. «Хацеў сёння пражыць на цвярозую! Ой! Ды ў яе ж было сто грам! Ох! Прыйшлося купіць, аддаць ёй сто рублёў з пенсіі!» – казаў дзед Лёня пра цягу да выпіўкі, намякаў пра жонку. Пасля гучных слоў дзеда Лёні, Максім Фёдаравіч кінуў лёгкі погляд у бок крамы, а затым адышоў далей ад ганка, пайшоў па роўнай дарожцы, павярнуў у той бок, дзе чакала яго дамашняя жывёла.
Мінуўшы няўзараны агарод, гаспадар адчыніў жалезныя веснічкі і ўвайшоў за іх. Тады ж дзве сабакі ласкава загаўкалі, замахалі хвастамі. На звонкую зашчапку чырвона-сініх дзверцаў прыбеглі бел-чорныя і рудыя куры. Да ног Максіма падбег і белы певень, які замахаў шырокімі крыламі, паказваючы сваю важнасць і сваю веліч. Па звычцы дамашнія птушкі атачылі чалавека і замерлі ў чаканні смачнага корму, які часта прыносіла ім гаспадыня Люба, жонка Максіма, заходзячы ў двор. І хоць кармушка была з зернем, птушкі па звоне веснічак кідалі свае справы і прасілі хлеба ці макароны. Але да іх няўдачы, на гэты раз у двары з'явіўся гаспадар з пустымі рукамі. Максім Фёдаравіч паглядзеў на курэй і пайшоў далей, некаторыя птушкі пабеглі за ім. Тут жа, ад руху мужчыны, замітусіліся трусы ў клетках. Толькі спала адзінокая шэра-рыжая свіння ў вялікім хляве. Яе зусім не хвалявалі далёкія дваровыя гукі. Яшчэ на світанку, Максім пакарміў усіх сваіх жывёл, а зараз яны чакалі ад яго рознага: хто дабаўкі корму, хто патрэбнай увагі. Перш за ўсё гаспадар падышоў да сабак і супакоіў іх, пагладзіў густую цёмную поўсць. Затым мужчына зайшоў пад навес, дзе былі старанна і акуратна складзеныя сечаныя дровы. Каля іх, на высокай дубовай калодцы, ляжала невялікая сякерка з жоўтай дзяржальняй. Максім узяў у правую руку інструмент і накіраваўся з ім у гараж. Ён вырашыў завастрыць лязо, якое затупілася з цягам працы. Ён запланаваў узяць сякерку з сабой у лес. Праз некалькі хвілін мужчына выйшаў з гаража, адклаў лёгкую не новую сякерку ў бок, на невялікую кучу сырых дроў, што былі складзеныя яшчэ восенню ля вялікай пуні. У гэтым годзе зіма выдалася не вельмі халоднай і снежнай. А тое, што было не спалена, заставалася ляжаць альбо пад дахам навеса, альбо пад адкрытым небам.
Максім павольна падышоў да сабак і пачаў адчэпліваць іх прывязь дробнага ланцуга. Першым, набліжэнне свабоды адчуў малодшы чорны сабака Яша. Ён працяжна і гучна забрахаў, заверашчаў пяшчотным піскам. Яго лагоднае гаўканне падхапіў старэйшы чорна-рыжы Бім. Тады, ад захопленага брэху двух, з зайздрасцю зашумелі суседскія сабакі, якія таксама прасілі волі. Жывёлам хацелася задаволена і жвава пабегаць, ірвануць да свабоды, расцерці лапы, разагнаць ва ўсім целе кроў.
Першым пакінуў, адкінуў свой ланцуг меншы па росце і малодшы па гадах, сабака Яша, які адразу ж з вялікай радасцю падбег да Біма. Яша прыспешваў гаспадара, круціўся каля яго. Ён сваім спрытам, скачкамі, брэхам і стараннасцю, перашкаджаў Максіму хутка адшчапіць доўгі ланцуг ад нашыйніка Біма. Пасля таго, калі справа была зроблена і два сабакі з лёгкасцю падбеглі да шэрых драўляных варот, мужчына вярнуў у тоўстыя грубыя пальцы патрапаную ад часу сякерку. Максім Фёдаравіч павольна падышоў да гадаванцаў, якія разрываліся ад шчасця, якія гатовыя былі з нецярпеннем вырвацца за агароджу, прасілі хутчэй расчыніць вароты. Максім нагнуўся, прыўзняў штыр-замок і адштурхнуў правую палову варот ад сябе. Жывёлы неадкладна, спрытна, выбеглі з-за ног гаспадара, быццам хтосьці даў старт бегавой дыстанцыі. Яша і Бім рванулі з двара да пясочнай дарогі, якая ляжала непадалёк, за варотамі. Мужчына зачыніў праход, паправіў цёмную шапку, адкрыў шырокі лоб. Халоднае паветра цені, якое лунала ля паўночнай сцяны высокай пуні, закранула яго круглы твар. Максім пакінуў ценявую свежасць і выйшаў на дарогу, якая за гады злёгку абрасла травой, але не хавала адбіткі трактарных колаў. Гэтае месца прагна грэлася сонцам і прыемнае, у меру цёплае паветра, стала абдымаць адкрытыя ўчасткі мужчынскага цела, яго раздражнёную, не маладую, скуру. Не робячы прыпынку, Максім Фёдаравіч перайшоў пясчаную дарогу і апынуўся на тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі, дзе калісьці быў па-сапраўднаму прыгожы парк. У гэтую ж гадзіну Максім не ўбачыў, не адвярнуўся і не заўважыў свайго суседа Віктара Іванавіча. Пенсіянер Віктар моўчкі стаяў за невысокім драўляным плотам свайго двара і стомленымі вачыма праводзіў сябра ў шлях, пазіраў яму ў спіну.
У мінулым парк, а зараз проста сціплая дзіцячая пляцоўка, пасярод лужка, адчувалася кінутай. Арэлі і карусель, афарбаваныя вясёлкавымі фарбамі, прачакалі ўсю зіму, каб з прыходам вясны іх сонны метал разварушылі пратасаўскія дзеці. Раней усю дзіцячую пляцоўку атачалі дрэвы: раслі высокія таполі, размашыстыя ліпы, канадскія клёны і зялёна-залацістыя хвоі. Цяпер жа, дзіцячую пляцоўку атачаюць пні, некаторыя з іх трохі абраслі кустом ці ж наогул, страцілі жыццёвую энергію, засохлі. Таму, гэта месца было цяжка назваць паркам, бо тут даўно не было ніводнага жывога дрэва – усё зрэзалі некалькі гадоў таму. Не пасадзілі ніводнага новага дрэўца і, мабыць, ніколі не пасадзяць. Карусель, арэлі, турнікі – самотна і холадна, заставаліся часткай мінулага, сталі напамінам пра былы зялёны жывы парк.
Каля Максіма Фёдаравіча працягвалі бегаць два сабакі. Бім, што быў старэйшы за Яшу, то падбягаў да гаспадара, то хутка адбягаў ад яго на невялікую адлегласць, перабіраючы рыжымі стройнымі лапамі. А вось чорны сабака Яша не падыходзіў да гаспадара, але як толькі Бім заставаўся адзін у баку, ён тут жа ішоў за старэйшым. Як вучань, малодшы сабака вучыўся, як правільна трэба сябе паводзіць на прагулцы. А калі Яшу быў знаёмы маршрут, ён бег наперадзе, паводзіў сябе па-даросламу.
- 1/2
- Следующая