Выбери любимый жанр

Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 10


Изменить размер шрифта:

10

— Ну добра, — глуха сказала яна, — хопіць аб гэтым… Ты дзе быў сягоння?

Відавочна, шукала нейтральнай тэмы.

— У Мар'яна быў, — сказаў я. Зоя крыху ведала яго: разы тры-чатыры сутыкаліся ў мяне.

— Што, усё па-ранейшаму дурэе з гэтымі драўлянымі лялькамі?

— Не трэба так, — сказаў я. — Ён вялікую справу робіць.

— Ды я хіба што? Як ягоная жонка?

— Кепска з ёю. Ну, гэта справа іхняя. Горш тое, што ён праз яе пакутуе. І, відаць, з гэтай прычыны сэрца зноў дурэць пачало. Жахі розныя, як заўсёды ў сардэчнікаў. Падазрэнні. А ад кавы і тытуню ніяк не адмовіцца…

— У больніцу яму легчы трэба. Шкада, калі з добрым чалавекам нешта здарыцца. Сволач дык жыве і жыве, а унь Сярожа Певень, бедны, такі малады, таленавіты, толькі пасаду такую атрымаў, так лёгка пры ім людзям жыць было б — і на табе — рак.

— Гэта бяда, — сказаў я. — Вялікая бяда! Але што ж, калі столькі выпала ўсяго нашаму пакаленню.

Яна раптам рашуча ўстала.

— Ну няма чаго асабліва цягнуць. — Павагалася хвіліну яшчэ — і адставіла «Немеш кадар». — Прытарны.

— Ты ж любіш напаўсалодкія.

— Нашы люблю. А можа, гэта проста ўсё прытарна ў гэтыя дні? Слухай, Антось, а што гэта мы ў першы наш вечар пілі, не памятаеш?

— Памятаю. Ты ў блакітнай сукенцы была. І бурштыны на шыі. І вусны ненафарбаваныя. А пілі мы тады «Хванчкару».

— Хіба няма яе нідзе зараз. А добра было б… па астатнім келіху… Так, як тады па першым. Таму што гэта ж астатні, Антоша… Астатні. І нічога тут не паробіш. І вось стол твой з чыстай паперай, і гэты падсвечнік, і лямпа. І ўсяго гэтага я, мабыць, ужо не пабачу, бо не ведаю, ці знайду сілы да цябе хаця на агеньчык заходзіць.

Невыносна было чуць гэта, і таму я, як большасць мужчын у такіх выпадках, збаяўся і, каб аддаліць немінучую апошнюю хвіліну, сказаў:

— Чаму не дастанеш? Учора яшчэ ў магазіне была «Хванчкара». Дзівосы нейкія. Нешта вялікае, пэўна, у лесе здохла. Хіба расхапілі? Давай збегаю.

— Збегай, — сказала яна глуха. — Скончым тым, з чаго пачалі. Толькі не баўся там дужа. Мне жудасна будзе тут… адной.

Калі я ўжо накідаў паліто, яна спытала:

— Грошы хаця ёсць у цябе? А то вазьмі.

— Грошы ёсць.

Я хутка бег у магазін і кляў сябе ўсімі магчымымі словамі.

…Калі я вярнуўся, яна стаяла ля акна і глядзела ў цемру. Павярнулася да мяне і выцерла вочы.

— Так я, дурная, і пагнала цябе, не спытаўшыся, ці багаты.

— Багаты, — сказаў я.

— Тады налі.

Мы сядзелі і перакідваліся нязначнымі сказамі, і гэта было як на ўласным пахаванні, як на пахаванні чагосьці страшэнна значнага. Ніколі ў жыцці яшчэ мне не было так цяжка і скрутна.

І толькі калі мы ўжо апраналіся ў перадпакоі, яна раптам прыпала да маіх грудзей.

— О-ох, Антоне… Нашто ж я ўсё гэта нарабіла?… Чаму праўды з самага пачатку… Чаму падманула?

— Слухай, — сказаў я, — заставайся. Я не магу болей.

Вочы ў яе былі вільготныя, нявыплаканыя.

— Не, — сказала яна, — права не маю. Нашто ўжо. Не павернеш назад. Але я, можа, часам і зайду да цябе. Пагрэцца. І толькі.

У гэтую хвіліну я зноў кахаў яе, можа, больш, чым раней. Усё нутро маё пакутліва да яе кінулася. Але я зразумеў: і праўда — усё.

Яна вырашыла.

…Мокры снег ляпіў па нашых тварах, калі мы выйшлі на бульвар і яна спаймала таксі і ўсё стаяла ля яго і глядзела мне ў вочы.

— Ну, бывай, — урэшце нібы ад сябе адарвала яна. — Раней дык у такіх выпадках трэба перахрысціць было. А цяпер…

Яна прыпала да маіх вуснаў халоднымі мокрымі вуснамі і, калі яны пацяплелі, з цяжкасцю адарвалася.

— Бывай. Бог з табой. Даруй.

Ляснулі дзверцы таксі. Апошні раз ускінулася за шклом рука ў белай пальчатцы. Пасля машына рванула, абдаўшы мае ногі мокрым карычневым снегам.

…Усё ўва мне плакала, і не столькі ад кахання, колькі ад страты. Невядома чаму я зайшоў у кафэ «Космас», выпіў там ля стойкі келіх каньяку, пасля пайшоў блукаць вуліцамі, намацаў у кішэні змяты канверт ліста да бацькі і кінуў яго ў скрынку, доўга сядзеў на мокрай лаўцы і бязмэтна глядзеў на вясёлкавыя плямы ліхтароў у чорных абледзянелых галінах. Пасля зноў выпіў ля стойкі. На гэты раз віна.

…Цяжэй за смерць было вяртацца ў пустую кватэру, што яшчэ пахнула ёю. І таму я, сам не ведаючы як, націснуў званок на дзвярах Хілінскага.

Ён адчыніў мне дзверы, абвёў вачыма і, мабыць, крыху спалохаўся.

— Заходзь, — сказаў ён. — Вып'ем чаго-небудзь? Ну, вядома, вып'еш. Скідай паліто. Я зараз.

Як Мар'яна выжывалі з пакоя статуі і іконы, так «палкоўніка» (а можа, ён і не «палкоўнік» быў, а сапраўдны «Абель у адстаўцы», чорт яго завяжа чалавечыя языкі) выжывалі з пакоя кнігі. Два толькі невялічкія прасценкі былі вольныя ад іх. Перад адным стаяў на століку эпідыяскоп (Хілінскі захапляўся здымкамі на слайды, здабываў нейкім дзівам нямецкую плёнку «Орвакалёр» і гэты прасценак выкарыстоўваў, каб дэманстраваць сабе самому знятае). Зараз ля століка з эпідыяскопам ляжалі пластмасавыя рамкі, нажніцы, валяўся танны дыяскоп, змеямі круціліся плёнкі. Усё проста на падлозе, на дыване.

У другім прасценку, над тахтою, вісеў партрэт у авальнай раме. Пісаны пад старую манеру. Нават лакам крыты. Партрэт прадзёрты ля ніжняга закруглення рамы: ірваная рана, кімсьці грубавата зашытая і па-аматарску зафарбаваная. На партрэце жанчына ў чорнай з чырвоным сукенцы. І сама чарнявая, відавочна, паўдзённага тыпу.

Заўсёды, калі я заходзіў да Хілінскага, мяне здзіўляў гэты партрэт. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць такі значны жаночы твар. І такі прыгожы адначасова. Вачэй не адарвеш. І напаўадкрыты рот, і горды нос і лоб, і ўся гэтая пяшчотна-ганарлівая, дасканалая стаць. О, пане мой божа!

Хілінскі прыкаціў столік на колцах, перагрузіў з яго на другі, круглы, шкляны, пачатую бутэльку віньяку, лімон, прасаваны ў каўбасу грузінскі інжыр.

— Ну, каб звялася бяда.

Выпілі.

— Ды што з табою, урэшце, хлопча? Рэктара пад тры д'яблы паслаў? Га?

— Не. А варта было б.

— Калеку набіў? У дачку архіерэя закахаўся?

— Якая ж у архіерэя дачка?

— Ну што яшчэ? Троцкага на лекцыі выпадкова працытаваў?

Я маўчаў.

— Ага. Памылкова зайшоў у аднатыповую з тваёй кватэру, малака папіў і, думаючы, што дома, правёў час з чужой жонкай, як са сваёй. Святла не хацеў уключаць. А ўсё — аднатыпнае.

— Так, — сказаў я.

І тут ён зразумеў, што я не жартую. А я, сам не ведаючы чаму, расказаў яму ўсю гэтую гісторыю. Вядома, без прозвішчаў. Вядома, змяніўшы ўсё, што магчыма змяніць.

— Прыкра, — сказаў ён. — Але што ж зробіш? Надалей зведай усё, перш чым кідацца, нібы ў вір галавой. Страснасць гэта нашая дурная, беларуская! А ты, раз ужо так здарылася, прапанаваў ёй пайсці з табою?

Я адказаў, як яно было:

— Няма ўжо звароту, Адам Пятровіч. Катуе яна сябе за падман. Што ж рабіць?

— Маўчаць трэба, хлопча, — пасля паўзы сказаў ён. — Магчыма, там яшчэ й склеіцца, калі маўчанне, калі ніхто нікому. А ты — што ж — адпакутуй сваё. З бядой пераспаць трэба. І не адну ноч. Тады яна табе абавязкова здрадзіць з кім-небудзь іншым. Тады толькі будзе лягчэй.

Я не пазнаваў яго. Звычайна так і сыпаліся з яго прыказкі, часта фрывольныя, а тут сядзеў перада мною паглыблены ў маё гора, суровы нават чалавек.

Выгляд у мяне быў, напэўна, страшнаваты, таму што Адам зморшчыўся амаль жаласна, крэкнуў і наліў яшчэ па кілішку.

— Давай за яе. Усё ж высакароднасці, пэўна, больш у яе ў душы. Вось за гэта.

Назіраў за мною.

— Ды не пабівайся ты, дубе. На вось, пацягні файку. Хаця ў вас кішка слабая. Усё на цыгарэтках. Імпартных.

У мяне перахапіла дыханне.

— Ну кінь ты. Ну!… Ну кінь! Гэта яшчэ, Антоне, не гора.

І, відаць, вырашыў нешта, уздыхнуў.

— А, каб цябе! Ну добра. Шчырасць за шчырасць. Партрэт бачыш?

— Ну.

— І ніколі не спытаў, хто гэта. Далікатнасць. Ды я, можа, тады сам бы табе не адказаў. Цяпер скажу. Занадта ты ўжо кепскі. Пабіваешся. А меры чалавечаму няшчасцю — не ведаеш.

10
Перейти на страницу:
Мир литературы