Выбери любимый жанр

Хобіт, або вандроўка туды і назад - Толкин Джон Рональд Руэл - Страница 22


Изменить размер шрифта:

22

Вакол паляны ўсё запалала. Але ваўкі-вартавыя не пакінулі сваіх месцаў. Ашалелыя ад злосці і жаху, яны скакалі вакол дрэў, выючы, і лаяліся страшэннымі праклёнамі гномаў на сваёй жу-даснай мове. Языкі іх павывальваліся з пашчаў, а вочы палалі чырванню шалёней за полымя.

Знянацку на паляну, галосячы, уварваліся гобліны. Ім здалося, што ідзе бойка з людзьмі, але хутка ўсё вытлумачылася. Некаторыя гобліны аж на зямлю ад рогату пападалі. Астатнія трэслі дзідамі ды бразгаталі імі аб тарчы. Гобліны агню не баяцца, і хутка ў іх склаўся даволі вясёлы (на іх погляд) план.

Ваўкоў сагналі ў зграю. Вакол дрэваў з гномамі, чараўнішм і хобітам навалілі сухой папараці й вецця. Пачалі вытоптваў ды збіваць полымя ў лесе — пакуль не вытапталі ды не загасілі амаль усё, апроч полымя каля дрэваў з падарожнікамі. Тое полымя наадварот падмацавалі сухім лісцем ды ламаччам. Хутка вакол дрэваў утварылася кола полымя і дыму, распаўсюджвацца якому не дазвалялі. Яно ўсё набліжалася, набліжалася, пакуль аранжавыя языкі не пачалі лізаць згрувашчаны вакол ствалоў сушняк. Дым шчыпаў Більбавы вочы, дый горача рабілася ад агню. А ўнізе, вакол яго, быццам людзі вакол купальскага вогнішча, скакалі карагодам гобліны. За колам ваяроў з сякерамі ды дзідамі сядзелі ваўкі, з бяспечнай адлегласці назіраючы ў чаканні.

Більба пачуў, як гобліны заспявалі жахлівую песню:

Птушак пятнаццаць па дрэвах паселі,
Пер'ем ад спёкі зашамацелі,
Жаль які — птушачкі крылаў не маюць,
Квохчуць і енчуць, ды не лятаюць!
Што з імі зробім? Жывымі засмажым?
Зварым, падсолім, гарчыцай намажам?

Потым яны спыніліся і пракрычалі разам:

— Ляціце, маленькія птушкі! Ляціце, калі здольныя! Лепш злазьце ўніз, птушачкі, альбо засмажыцеся па гняздэчках! Спявайце, спявайце, птушачкі! Чаму ж вы не спяваеце?

— Прэч, дрэнныя хлапчукі! — пракрычаў Гэндальф у адказ. — Не час яшчэ, каб яйкі класці, па гнёздах седзячы. А дрэнных маленькіх хлапчукоў, якія дурэюць з полымем, звычайна чакае пакаранне.

Сказаў ён так, каб раззлаваць гоблінаў, ды каб паказаць, што не баіцца — хоць, зразумела, перапалохаўся, дарма што чараўнік. Але гобліны ўвагі не звярнулі і заспявалі далей.

Гары, дрэва, справа, злева!
Трэсь ды хрась! Палай, бярвенне!
Дзеля свята асвятлення,
Нашага задавальнення —
Гэй, палай!
Птушкі смажацца, пякуцца,
Валасы агнём займуцца,
Вочы выкіпяць з вачніцаў,
Сала злезе з паясніцаў,
Косткі толькі застануцца!
Што, птушаткі, варухнуцца
Ўжо баіцеся? Сядзіце,
Ды вачыма лыпаціце!
Гэй, жарчэй!
Давай, палай!
Гэ-гэй!

I з гэтым «Гэ-гэй!» полымя абхапіла ствол дрэва, на якім сядзеў Гэндальф. Праз момант заняліся і астатнія. Запалала кара, затрашчалі ніжнія галіны.

Тады Гэндальф ускараскаўся на самую вершаліну дрэва і падрыхтаваўся зваліцца акурат на галовы ды дзіды гоблінам. 3 посаху яго палыхнула, быццам маланкай. Напэўна, ён забіў бы шмат гоблінаў, перад тым, як загінуць, — аднак скочыць яму не давялося.

Якраз у гэты момант Гаспадар Арлоў спікіраваў з вышыні, падхапіў чараўніка кіпцюрамі ды панёс прэч.

Ад злосці ды здзіўлення гобліны аж завылі. Гучна заклякатаў Гаспадар Арлоў, якому Гэндальф ужо паспеў сказаць колькі слоў. Спадарожнікі Гаспадара кінуліся ўніз, нібыта агромністыя чорныя цені. Ваўкі загыркалі і павыскальвалі іклы, гобліны загаласілі ды затупаталі ад шаленства, дарэмна шпурляючы ў паветра цяжкія дзіды. Арлы паляцелі на іх з вышыні. Цьмяны вецер ад іх велізарных крылаў збіваў гоблінаў з ног, адкідваў далёка прэч, арліныя кіпцюры драпалі гоблінавы твары. Некаторыя арлы падляцелі да вяршынь дрэваў ды падхапілі гномаў, якія намагаліся ўскараскацца так высока, як толькі адважваліся.

Небараку Більба зноў ледзь не пакшулі! Ён паспеў учапіцца за ногі Доры (якога арол падхапіў апошнім), і яны разам узняліся над мітуснёй і полымем. Більба матляўся ў паветры, і рукі яго ледзь не абрываліся.

Цяпер далёка ўнізе і гобліны, і ваўкі паразбегліся па лесе ва ўсе бакі. Некалькі арлоў усё яшчэ кружлялі над месцам бойкі. Полымя пад дрэвам, на якім паўхвілінкі таму сядзеў хобіт, раптам падскочыла вышэй за найвышэйшыя галінкі, выкінуўшы слуп дыму ды іскраў. Більба ўцёк сваечасова!

Хутка святло вогнішча ледзь бачылася ўнізе — чырвоны праменьчык на далёкай чорнай падлозе. Яны ляцелі высока ў небе, уздымаючыся ўвесь час нібы па шырокіх кольцах гіганцкай спружыны. Палёт гэты Більба запомніў назаўсёды. Хобіт мат-ляўся, учапіўшыся ў гномавы шчыкалаткі, ды енчыў: «Мае рукі, рукі!» А Доры стагнаў: «Мае ногі, мае бедныя ногі!»

I ў лепшыя часы ў Більба ад вышыні круцілася галава. Яму рабілася дрэнна, нават калі ён глядзеў уніз з невялічкага адхону. I лесвіцы ён не любіў, і на дрэвы караскацца яму не даводзілася (і ад ваўкоў дагэтуль ніколі не ўцякаў). Так што можна ўявіць сабе, як цяпер круцілася яго галава! Ён матляўся, а ўнізе, далёка ўнізе (і проста пад ягонымі пяткамі), разаслалася цёмная зямля, дзе ў месяцовым святле час ад часу можна было заўважыць ці рачулку, ці падступны бок скалы.

Цьмяныя горныя пікі набліжаліся, залітыя белым святлом каменныя спічакі тырчэлі з чорных ценяў. Нягледзячы на лета, холад быў жудасны. Хобіт заплюшчыў вочы і запытаў сябе, ці доўга яшчэ ён пратрымаецца. Потым уявіў, што здарыцца, калі ён сарвецца. Яму зрабілася млосна.

Палёт скончыўся надта своечасова, бо Більбавы рукі ўжо зусім змярцвелі. Ён з вохканнем выпусціў гномавы шчыкалаткі ды плюхнуўся на цвёрдую й мулкую круглую платформу арлінага гняздоўя. Ляжаў Більба моўчкі, і ў галаве яго блыталіся здзіўленне ад раптоўнага выратавання з агню ды жах перад магчымасцю зваліцца ў глыбокія, змрочныя цені з кожнага боку пляцоўкі. Пасля жудасных прыгодаў апошніх трох дзён, ды яшчэ амаль на пусты страўнік, з галавой яго рабілася нешта дзіўнаватае. Ён знянацку для самога сябе зразумеў, што гаворыць уголас:

— Ну, цяпер я ведаю, што адчувае кавалак вяндліны, калі яго раптам відэльцам здымуць з патэльні ды вернуць на паліцу!

— Не, не ведаеш! — пачуў хобіт адказ Доры. — Таму што вяндліна разумее: раней ці пазней, а на патэльню ўсё роўна па-трапіць. Спадзяюся, з намі не так. I арол табе не відэлец!

— Не, не, зразумела! Зусім арол не лядзівец… вох, відэлец, я маю на ўвазе, — сказаў Більба, крыху ўзняўшыся ды зірнуўшы на арла, які прымасціўся непадалёк.

«Цікава, якую ж яшчэ бязглуздзіцу я нёс, — падумаў хобіт, — і ці пакрыўдзіўся арол?» Неразумна быть няветлівым з арлом, калі ты памерам з трусіка і забраўся ўначы ў арлінае гняздовішча.

Але арол толькі вастрыў дзюбу аб каменне ды папраўляў пер'е і ўвагі не звяртаў.

Праз нейкі час прыляцеў яшчэ адзін.

— Гаспадар загадвае табе прынесці палонных на Вялікую Паліцу! — пракрычаў ён і паляцеў прэч. Арол, які сядзеў на пляцоўцы, схапіў Доры ў кіпцюры ды панёс некуды ў цемру, пакінуўшы Більба ў самоце. Хобіту толькі і хапіла сілы, каб падзівіцца, што пасыльны арол меў на ўвазе пад «палоннымі». Адразу папаўзла думка: можа, раздзяруць на кавалкі ды зробяць вячэрай, калі надыдзе чарга?

Арол вярнуўся, схапіў Більба за вопратку на спіне і ўзняўся. Ляцець давялося нядоўга. Вельмі хутка Більба ўжо ляжаў і калаціўся са страху на шырокай пляцоўцы на схіле гары. Да яе немагчыма было дабрацца ні зверху, ні знізу, калі ты лётаць не здольны, і сцежачкі аніякай з яе не ішло — жадаеш уцячы, скачы з адхону! Адразу і ўсе сябры знайшліся: сядзелі, прыхіліўшыся спінамі да скалы. Гаспадар Арлоў таксама быў тут і размаўляў з Гэндальфам.

22
Перейти на страницу:
Мир литературы